logo
Гiсторыя Беларусi

1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі

Храналагічна супадае з каменным векам (40 тыс.г. да н.э. – 3 тыс. да н.э.). Самы працяглы перыяд этнічнай гісторыі. Чалавек упершыню з’явіўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна 40 тыс. г. да н. э. Найбольш старажытныя стаянкі чалавека знойдзены каля в.Бердыж (каля р.Сож Гомельскай вобл.) і каля в.Юравічы (каля г.Мазыра). Спачатку была заселена толькі паўднёвая частка Беларусі. Паступова людзі рухаліся на поўнач. Поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося ў сярэднекаменным веку – мезаліце (7–5 тыс. г. да н. э.). Колькасць насельніцтва ў гэты час была невялікай – 4,5–6 тыс.чалавек.

У перыяд неаліту (4–3 тыс. г. да н. э.) насельніцтва Беларусі значна павялічылася. Асноўная частка насельніцтва пражывала на Палессі, у Панямонні і Пасожжы. У Падзвінні колькасць насельніцтва была невялікай. У гаспадарчай дзейнасці людзей адбыліся значныя змены: з’явіліся прадзенне і ткацтва, кераміка, удасканальваліся прылады працы, узніклі творы мастацтва. Адбываецца так званая неалітычная рэвалюцыя – пераход да вытворчых форм гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі).

Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў палеаліце, мезаліце і на працягу большай часткі неаліту няма магчымасці. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Разам з тым даныя археалогіі і гістарычнага мовазнаўства, у прыватнасці гідраніміі (старажытных назваў рэк, азёр), даюць магчымасць вызначыць этнічную прыналежнасць некаторых груп мясцовага насельніцтва ў канцы каменнага веку. Прыкладна ў 3 тысячагоддзі да н.э. у паўночна-усходніх раёнах Беларусі з’явілася фіна-угорскае насельніцтва. На поўдні жылі невялікія групы індаеўрапейцаў. Іх масавае рассяленне на Беларусі паклала пачатак новаму індаеўрапейскаму перыяду этнічнай гісторыі.