logo search
Гiсторыя Беларусi

19. Паўстанне 1863–1864 гг. У Польшчы, Літве і Беларусі

Рэвалюцыйная сітуацыя, якая склалася ў Расіі на рубяжы 50–60 гадоў ХІХ ст., захапіла і заходнюю ўскраіну Расійскай імперыі – Беларусь, Польшчу, Літву. Найбольш востра яна выявілася ў Польшчы: назіраўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху ў спалучэнні з сялянскай барацьбой.

Нацыянальна-вызваленчая барацьба палякаў рабіла вялізны ўплыў на рух на Беларусі. У сваю чаргу перадавыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі са спачуваннем адносіліся да барацьбы польскага народа супраць царызму. Яны разумелі, што беларускі народ зможа вызваліцца ад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску толькі ў саюзе з польскім і рускім народамі і таму віталі ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. У грамадскім руху на Беларусі таксама ўзніклі дзве плыні: “чырвоныя” і “белыя”.

“Белыя” выступалі супраць паўстання і хацелі дасягнуць аднаўлення Польшчы ў метах 1772 г. пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. “Чырвоныя” выступалі за паўстанне.

Кіраўніком “чырвоных” у Літве і на Беларусі выступіў К.Каліноўскі. Ён нарадзіўся ў сям’і дробназямельных шляхцічаў у Гродзенскім павеце. Адукацыю атрымаў у Пецярбургскім універсітэце. Вярнуўшыся на радзіму, ён стварае нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю. Каліноўскі выдае газету “Мужыцкая праўда”, дзе заклікае сялян на барацьбу з расійскім урадам.

Узброенае паўстанне ў Польшчы началося раней вызначанага тэрміну ў сувязі з намерам царскага ўрада правесці ў студзені 1863 г. нечарговы рэкруцкі набор. ЦНК 10 студзеня 1863 г. выдаў маніфест, у якім заклікаў да ўзброенага паўстання. Літоўскі правінцыяльны камітэт падтрымаў паўстанне. Верныя інтэрнацыянальнаму абавязку, беларускія і літоўскія рэвалюцыянеры 1 снежня 1863 г. звяртаюцца да насельніцтва Літвы і Беларусі з заклікам падняцца на ўзброенную барацьбу.

У канцы студзеня на тэрыторыі заходніх паветаў Беларусі з’явіліся атрады з Польшчы. Некаторыя з іх паспяхова рухаліся да цэнтральных раёнаў Беларусі. Напрыклад, вялікі атрад Р.Рагінскага рабіў смелыя рэйды на ўрадавыя ўстановы, нават дасягнуў Слуцкага павету і толькі тут быў разбіты царскімі войскамі. Першыя мясцовыя атрады пачалі баявыя дзеянні ў Гродзенскай губерні ў сакавіку-красавіку 1863 г. Ваенным начальнікам усіх атрадаў на тэрыторыі Гродзенскай губерні быў прызначаны паплечнік К.Каліноўскага – В.Урублеўскі. На астатняй тэрыторыі Беларусі паўстанне пачалося ў красавіку 1863 г.

Аснову паўстанскіх атрадаў складалі:

  1. Дробныя чыноўнікі, рамеснікі, беззямельная і дробназямельная шляхта, навучэнцы, розначынная інтэлігенцыя – 75%;

  2. Дробныя памешчыкі і духавенства – каля 6%;

  3. Сяляне складалі прыкладна 18%.

У цэлым на Беларусі асноўная маса сялянства не далучылася да паўстання. Галоўныя прычыны такіх адносін тлумачыліся наступнымі прычынамі; абмежаванасцю аграрнай праграмы паўстанцаў; нянавісцю да памешчыкаў, сыны і служачыя якіх знаходзіліся сярод паўстанцаў; прапагандай царызму, які тлумачыў сялянам, што памешчыкі падняліся, каб аднавіць прыгоннае права.

Паўстанцы Мінскай губерні атрымалі загад выступіць у канцы красавіка 1863 г. Аднак у першыя ж дні адчувалася адсутнасць належнай падрыхтоўчай работы. Большасць партызанскіх атрадаў была разбіта пры першых жа сутычках з царскімі войскамі.

Асаблівае значэнне надавалася паўстанню ў Магілёўскай губерні. У пачатку красавіка 1863 г. сюды быў накіраваны Л.Звяждоўскі, якому было даручана кіраўніцтва паўстаннем на ўсходзе Беларусі. З Пецярбургу і Масквы сюды прыехалі некалькі афіцэраў – членаў рэвалюцыйных арганізацый (І.Будзіловіч, К.Жаброўскі і інш.). Яны пачалі фарміраваць атрады ў Аршанскім, Чэрыкаўскім, Сенненскім і іншых паветах (але злучыцца з атрадам Л.Звяждоўскага не змаглі). 24 красавіка паўстанцы пад кіраўніцтвам Л.Звяждоўскага захапілі павятовы горад Горкі. Актыўны ўдзел у баявых дзеяннях прынялі студэнты сельскагаспадарчага інстытута. Потым атрад адправіўся на поўдзень, але 30 красавіка быў разбіты царскімі войскамі каля Прапойска. Пачалі дзейнічаць невялікія атрады ў Віцебскай губерні.

Тым часам паўстанне ішло на спад. Да канца лета 1863 г. Нацыянальны ўрад у Варшаве прызнаў неабходным спыніць ваенныя дзеянні ў заходніх губернях Беларусі. 28 жніўня віленскі “Аддзел” атрымаў загад спыніць узброенныя дзеянні і сканцэнтраваць сілы на падрыхтоўку паўстання ў 1864 г. Частка паўстанцаў перайшла на тэрыторыю Польшчы, партызаны з працоўнага люду вярнуліся ў свае мястэчкі і сёлы.

Для падаўлення паўстання ў разгар узброеннай барацьбы віленскім генерал-губернаторам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі быў прызначаны Н.М.Мураўёў. Ён прыехаў у Вільню 26 мая 1863 г. з ухвалёнай царом праграмай дзеянняў.

У сакавіку 1864 г. К.Каліноўскі быў павешаны ў Вільне.

Значэнне паўстання

  1. Паўстанне было нацыянальнай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй супраць самадзяржаўя, саслоўнай і нацыянальнай няроўнасці.

  2. Пад уплывам паўстання расійскі ўрад пайшоў на палягчэнне ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. на Беларусі.

  3. Буржуазныя рэформы 60–70-х гг. праводзіліся на Беларусі са шматлікімі абмежаваннямі.

  4. Паўстанне дало штуршок развіццю беларускага нацыянальнага руху.