logo search
Гiсторыя Беларусi

27. Палітыка беларусізацыі ў 20-я гг. Хх ст. Ў Беларускай сср

Разглядаючы перадумовы палітыкі беларусізацыі, неабходна мець на ўвазе асаблівасці нацыянальных адносін на Беларусі на пачатку 20-х гадоў.

Па-першае, ішоў працэс тэрытарыяльнага самавызначэння беларускага народа, беларускай нацыі. (У 1924 г. адбылося вяртанне, перадача БССР 16 паветаў, а ў 1926 г. – яшчэ 2-х паветаў).

Па-другое, паводле перапісу 1926 г. беларусы складалі 80,6%, яўрэі – 8,2%, рускія – 7,7%, палякі – 2%, украінцы – 0,7%, латышы – 0,3%, літоўцы, немцы і татары – па 0,1% (шматнацыянальныя меншасці складалі амаль пятую частку насельніцтва).

Па-трэцяе, палітыка беларускага адраджэння ва ўмовах савецкай улады пачала ажыццяўляцца раней афіцыйна абвешчанай беларусізацыі перш за ўсё намаганнямі дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. Закладваліся асновы нацыянальнай палітыкі, якая пазней была аформлена як дзяржаўная палітыка беларусізацыі.

З сярэдзіны 1923 года да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная падрыхтоўка.

Лета 1924 г. і прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных напрамкаў дзейнасці ў палітыцы беларусізацыі.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг. пасля таго, як адбылося вяртанне БССР значнай часткі этнічных беларускіх зямель. У складзе БССР губерні, паветы, воласці былі ліквідаваны і замест іх утвораны акругі, раёны і сельсаветы. У аснову новаўтварэнняў пакладзены нацыянальны прынцып.

2. Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства.

3. У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва.

4. Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа.

5. Важны напрамак беларусізацыі – нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Значныя змены адбыліся ў агульнаадукацыйнай школе: калі ў 1921 г. беларускія школы складалі 21,5% ад агульнага ліку школ на Беларусі, то ў 1931 г. – 83,5%.

У 1930 г. 76,6% студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80% вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове.

6. У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45%.

7. У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі.

8. Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.