logo search
Гiсторыя Беларусi

2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы

Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі падзяляецца на 2 этапы:

  1. Балцкі этап (3–2 тыс. да н.э. – сярэдзіна 1 тыс. н.э.).

  2. Славянскі этап (сярэдзіна 1 тыс. н.э. – сенняшні час).

Хто такія індаеўрапейцы і адкуль яны з’явіліся?

Найбольш верагоднай канцэпцыяй прарадзімы індаеўрапейцаў з’яўляецца “пярэднеазіяцкая” канцэпцыя. Навукоўцы мяркуюць, што да пачатку свайго масавага рассялення індаеўрапейцы жылі на тэрыторыі Пярэдняй Азіі. Прыкладна 4–3 тыс. гадоў да н.э. пачынаецца іх міграцыя з прарадзімы па наступных прычынах:

  1. Хуткае развіццё жывёлагадоўлі і земляробства.

  2. Скарачэнне смертнасці, павелічэнне працягласці жыцця індаеўрапейцаў, што выклікала перанаселенасць тэрыторыі прарадзімы і неабходнасць асваення новых тэрыторый.

Міграцыя індаеўрапейцаў заняла некалькі тысяч год. У выніку змешвання з карэнным насельніцтвам іншых тэрыторый індаеўрапейцы страцілі сваё першапачатковае адзінства і ўтварылі т.зв. “мазаіку народаў”. Сёння да індаеўрапейскай моўнай групы адносяцца народы, якія гавораць на славянскіх, германскіх, балцкіх, раманскіх, кельцкіх, індаіранскіх, грэчаскай, албанскай і армянскай мовах.

Што адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў выніку рассялення індаеўрапейцаў?

У 3–2 тысячагоддзях да н.э. на тэрыторыі, якая ахоплівала басейны рэк Вісла, Нёман, Заходняя Дзвіна і Верхняе Падняпроўе індаеўрапейцы асімілявалі мясцовае неалітычнае насельніцтва і ў выніку ўтварыўся новы этнас – балты. З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва, але і змянілася эпаха. Каменны век саступіў месца бронзаваму.

Балты займаліся плужным земляробствам, выкарыстоўваючы больш эфектыўныя бронзавыя прылады працы. Гэта стварала ўмовы для накаплення багаццяў асобнымі сем’ямі. Асноўны тып паселішча балтаў – умацаваныя гарадзішчы.

Этнагенэз славян і рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі. Рассяленне славян паклала пачатак новаму славянскаму этапу этнічнай гісторыі Беларусі.

Хто такія славяне і адкуль яны з’явіліся? Найбольш абгрунтаванай з’яўляецца канцэпцыя, якая размяшчае прорадзіму славян на тэрыторыі паміж рэкамі Эльба, Вісла і Нёман. У ІV–VІІ стст. адбываецца значнае пашырэнне славянскага арэала. Міграцыя славян з тэрыторыі прарадзімы была выклікана:

  1. Значным павелічэннем колькасці славянскага насельніцтва на тэрыторыі прарадзімы.

  2. Зараджэннем маёмаснай нароўнасці сярод славян, якія ўступілі ў перыяд разлажэння першабытнаабшчыннага ладу (перыяд ваеннай дэмакратыі), што садзейнічала росту ваяўнічасці.

  3. Націскам на славян з боку суседніх народаў (авараў, хазараў, германцаў).

З тэрыторыі прарадзімы славяне мігрыравалі ў 2 напрамках: на поўдзень і на ўсход. У выніку міграцыі славяне страцілі сваё першапачатковае адзінства і падзяліліся на 3 групы: заходніх, паўднёвых і ўсходніх.

Міграцыйны паток славян, які рушыў на ўсход, прывёў да засялення славянамі тэрыторый Паўночнай Украіны і Паўднёвай Беларусі. Паступова славяне прасоўваліся на поўнач Беларусі. У VІІІ–ІХ стст. пачынаецца масавае рассяленне славян. Большая частка балцкага насельніцтва была асімілявана, другая – адышла на паўночны захад, трэцяя – працягвала жыць на сваіх тэрыторыях побач са славянамі.

У выніку змешвання славян і балтаў узніклі новыя этнічныя супольнасці, якія ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах.

Крывічы займалі поўнач Беларусі і суседнія раёны Падзвіння і Падняпроўя і былі найбольш шматлікім усходнеславянскім насельніцтвам. У іх этнічным абліччы пераважалі славянскія рысы.

Дрыгавічы займалі большую частку Паўднёвай і значную частку сярэдняй Беларусі. Іх мова была славянскай. Аднак у матэрыяльнай культуры зафіксаваны і некаторыя балцкія элементы.

Радзімічы займалі землі паміж Дняпром і Дзясной. Як крывічы і дрыгавічы яны ўтварыліся ў выніку славяна-балцкага сінтэзу.