logo search
Гiсторыя Беларусi

4. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржавы-манархіі на тэрыторыі Беларусі

На тэрыторыі Беларусі склалася 2 раннефеадальныя княствыПолацкае і Тураўскае, якія ўваходзілі ў склад Старажытнарускай дзяржавы. Геаграфічнае становішча Полацкага княства стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі, перш за ўсё гандлю, а таксама абумовіла значэнне княства як аднаго з ваенных фарпостаў Русі. У Полацку існавала мясцовая княжацкая дынастыя. Сярод полацкіх князёў найбольшую вядомасць набылі князі Брачыслаў і Усяслаў, якія правілі Полацкім княствам на працягу ХІ ст. У гэты час пашырылася тэрыторыя княства і яго палітычнае значэнне. Полацкія князі імкнуліся праводзіць незалежную ад Кіева палітку.

Якім быў палітычны лад Полацкага княства? Заканадаўчая ўлада ў Полацкім княстве належала вечу ці народнаму сходу. Веча запрашала князя на княжанне, выдавала законы, выбірала ўраднікаў (урадцаў, службоўцаў), ухваляла аб’яўленне вайны ці міру. Улада веча распаўсюджвалася не толькі на горад, але і на ўсю воласць, раскіданыя па ўсяму княству весі. У Полацкім княстве веча праіснавала да самага канца ХV ст. (1488 г.), калі гораду было дадзена магдэбургскае права.

Выканаўчая і судовая ўлады ў Полацкім княстве належалі князю. Князі займаліся вайсковай справай, хадзілі ў паходы са сваёй дружынай у іншыя землі. Акрамя таго, яны былі заняты адміністрацыйнай справай, вяршылі суд, ахоўвалі гандлёвыя шляхі і караваны ў сваім княстве.

У пачатку ХІІ ст. Полацкае княства ўступіла ў перыяд феадальнай раздробленасці і распалася на шэраг удзельных княстваў: Полацкае, Мінскае, Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагойскае і інш.

Другое раннефеадальнае княства на Беларусі – Тураўскае – утварылася у канцы ІХ ст. Тураўскае княства належала то Полацку, то Кіеву ў якасці часткі вялікакняскіх уладанняў. У другой палове ХІІ ст. тут усталявалася самастойная княская дынастыя, аднак ужо у канцы ХІІ – пачатку ХІІІ ст. на тэрыторыі Тураўскага княства ўтварыўся шэраг мелкіх феадальных княтсваў: Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровенскае.

Такім чынам, Полацкае і Тураўскае княствы мелі ўсе атрыбуты дзяржаўнай улады – улады заканадаўчай (веча), выканаўчай (князі і дружыны) і судовай (князі і цівуны). Іх можна лічыць першымі раннефеадальнымі дзяржавамі-манархіямі на тэрыторыі Беларусі.