logo search
БЕЛ

1. Развіццё беларускай мовы ў пачатку XX стагоддзя

Умовы духоўнага жыцця беларускага народа ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў прывялі да таго, што, адбіваючыся ад прымусовай русіфікацыі, патрэбна было, як некалі за Рэччу Паспалітай, усімі сіламі і сродкамі бараніць сваё роднае, нацыянальнае. Рэальнае становішча беларускай духоўнай культуры належным чынам разумела толькі прагрэсіўна настроеная руская інтэлігенцыя, якая ва ўсім садзейнічала сваім калегам з Паўночна-Заходняга края.

Шчырая прыхільнасць большасці беларускага народа да роднай мовы, безагаворачнае прызнанне яе самабытнасці многімі прадстаўнікамі вучоных-філолагаў іншых і найперш славянскіх краін падахвочвалі адораную да літаратурнай творчасці моладзь да хутчэйшага авалодвання ўсімі багаццямі і адметнасцямі беларускай мовы, каб умець на ёй пісаць свае творы. Спяшацца і сапраўды былі прычыны, бо на нацыянальным прагрэсе вельмі адмоўна адбілася тое, што ў параўнанні з іншымі народамі на беларускай зямлі прыгожае пісьменства, вытокі якога вядуць у сярэднявечча, заквітнела са спазненнем не менш як на паўтара стагоддзі. Вялікая, можа нават адзіная ў сваім родзе для еўрапейскіх нацый таго часу, трагедыя ў культурным развіцці беларускага народа заключалася ў тым, што, калі іншыя краіны даволі плённа развівалі ў XVIII – XIX стагоддзях сваю мастацкую культуру і навуку на роднай мове, ён быў пазбаўлены амаль усяго гэтага яшчэ з 1696 года (калі была прынята пастанова ў Рэчы Паспалітай аб забароне ўжывання ў службовым справаводстве, школах і іншых установах беларускай мовы, хаця яна ўжо і да гэтага мела шмат абмежаванняў) да 1906 года (калі з’явілася першая легальная газета на беларускай мове “Наша доля”). Гэта быў час, калі ў англійскай літаратуры тварылі В. Скот і Г. Байран, у французскай – В. Гюго і А. Бальзак, у нямецкай – Ф. Шылер і І. Гётэ, у рускай – А. Пушкін і Л. Талстой, у польскай – А. Міцкевіч і Г. Сянкевіч. Ці ж не магла б даць такіх волатаў літаратуры і беларуская зямля? Гэтага не дазволіла антынацыянальная палітыка каралеўскай і царскай улад Рэчы Паспалітай і імперскай Расіі. Таму давялося істотна адстаць нашаму народу ў культурным развіцці ад перадавых народаў, якім беларусы вельмі мала ўступалі ў перыяд сярэднявечча. На рубяжы XX стагоддзя у нашым даведзеным ледзь не да поўнага нацыянальнага вымірання краі па-беларуску маглі пісаць, можа, толькі некалькі сотняў людзей. У адносінах да матчынай мовы амаль увесь беларускі народ быў непісьменны, бо не існавала нават яе граматыкі. Пачынаць даводзілася практычнага з таго, на чым спынілася беларуская пісьменнасць у канцы XVII стагоддзя. Паколькі падчас нараджэння новай беларускай літаратурнай мовы мінула не адно стагоддзе, як было забаронена ўжыванне пісьмовай мовы карэннага насельніцтва нашага края, іншага выйсця не заставалася, як ствараць новую беларускую літаратурную мову на грунце мясцовай гутарковай мовы, што непазбежна вяло да пэўных адрозненняў у мове аўтараў з прычыны існавання істотных тэрытарыяльных дыялектных асаблівасцей.

Спрыяльнай умовай для нараджэння на свет новай беларускай літаратуры патрэбна лічыць наяўнасць у нашага народа высокаразвітога багатага фальклору (вуснай народных твораў). Яго збіранню і апрацоўцы прысвяцілі сваё жыццё дзясяткі нястомных дзеячаў навукі і культуры Беларусі. Адметным шляхам прыйшоў да багаццяў фальклору Уладзіслаў Вярыга (1868 – 1916). У маёнтку Глыбокае паблізу Шчучына ён за досыць кароткі тэрмін запісаў больш за 400 песень. На жаль, не ўсё з сабранага ўдалося надрукаваць. Аднак найбольшая колькасць твораў пад назвай “Думкі беларускія” змешчана ў адным з кракаўскіх часопісаў. У Львове выйшаў зборнік сабраных Вярыгам казак “Беларускія паданні”. Усе яны былі надрукавуаны па-беларуску, прычым некаторыя – з поўным захаваннем мясцовых асаблівасцей.

Выдатную традыцыйную рысу нашых продкаў па захаванні і ўзбагачэнні ўласнага духоўнага скарбу вельмі цёплымі словамі характарызаваў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі (1864 – 1940), заяўляючы, што кожны беларус ведае дзясяткі са два бытавых апавяданняў і некалькі казак.

Вымушаны любой цаной захаваць, узбагаціць сваю адметнасць і непаўторнасць у фальклоры, беларускі народ асобныя віды вуснай народнай творчасці развіў да такога ўзроўню, якога наўрад ці дасягнулі іншыя этнасы, што ніколі не мелі абмежаванняў з боку афіцыйнай палітыкі ў развіцці мастацкай літаратуры на роднай мове.

Актыўным абаронцам і прапагандыстам беларускай народнай песні адразу стала газета “Наша ніва”, якая так многа зрабіла па яе распаўсюджванні на ўсіх абшарах Беларусі.

Ад першых гадоў узнікнення новай беларускай літаратуры асаблівую актуальнасць набыло пытанне, які павінны быць прыняты шрыфт за аснову друкаваных выданняў: рускі ці лацінскі? Перавага першага заключалася ў тым, што ён аблягчаў пісьменнаму беларусу далучэнне да найбольш пашыранай у краіне рускай кніжкі, даваў лепшыя магчымасці для стварэння ўласнай друкарскай базы, другога – што насельніцтва Паўночна-Заходняга края з прычыны гістарычных асаблівасцей усё-такі лепш было падрыхтавана да чытання тэксту, напісанага лацінскімі літарамі. В. Дунін-Марцінкевіч, просячы Галоўны цэнзурны камітэт надрукаваць польскімі літарамі (лацінкай) перакладзеную ім на беларускую мову паэму А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, абгрунтоўваў гэта тым, што ў правінцыях Мінскай губерніі са ста сялян дзесяць добра чытаюць па-польску, а з тысячы іх ледзь знойдзеш аднаго, які ведае рускую мову. І з гэтым фактам даводзілася лічыцца першым пачынальнікам беларускага прыгожага пісьменства, большасць літаратурных і публіцыстычных твораў якіх было надрукавана лацінкай.

Глыбока асэнсоўваючы працэсы, што адбываліся ў рускай, польскай і ўкраінскай літаратурах, беларуская інтэлігенцыя ўсёй душой і сэрцам прагла як мага хутчэйшага стварэння перыядычнага друкаванага органа на роднай мове, добра ведаючы, што з дапамогай яго можна не толькі паспрыяць развіццю пісьменнасці, але і абудзіць у народа волю і жаданне да нацыянальнага адраджэння. Гэту задуму ўдалося ажыццявіць у 1906 годзе. Чуткі аб выданні ў Вільні беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва” з вялікай прыемнасцю былі ўспрыняты ў народзе, асабліва сярод найбольш адукаванай яго часткі. Людзям хацелася не толькі чытаць, але і пісаць у газету. За тры гады ад моманту выхаду ў свет першага нумара “Нашай нівы” на яе старонках былі змешчаны 906 карэспандэнцый з розных куткоў Беларусі. Апроч усяго іншага, значэнне перыядычнага друку заключалася ў тым, што на яго старонках адбывалася сатаранная, удумлівая адпрацоўка норм літаратурнай беларускай мовы, тым больш што на гэты час яна яшчэ не мела дасканалай граматыкі.

Вырасшы з патрэбы абудзіць нацыянальную самасвядомасць, літаратура найбольш за ўсё павінна была звяртацца да мастацкага адлюстравання ўласнага мясцовага жыцця. Нацыянальная тэматыка была альфай і амегай для сюжэтаў абсалютнай большасці твораў новай беларускай літаратуры. Але ж, выйшаўшы з такім вялікім спазненнем са шматвекавой цемры на свет, новая беларуская літаратура адчувала вострую патрэбу ў кантактах з мовамі і літаратурамі іншых народаў, у першую чаргу польскага, рускага і ўкраінскага, каб перанесці на родную глебу. Спрыяў гэтаму не ў малой ступені той факт, што на зямлі Беларусі нарадзіліся або пісалі пра яе такія вядомыя дзеячы польскай літаратуры, як Ігнат Манькоўскі, Казімір Буйніцкі, Адам Міцкевіч і інш. Было нямала і такіх, што пісалі як на польскай мове, так і на беларускай мове. Сярод іх Уладзіслаў Сыракомля, які пераклаў на польскую мову шмат беларускіх народных песень і напісаў нямала ўласных вершаў у духу мясцовых вуснапаэтычных твораў. Меў рацыю беларускі публіцыст і гісторык Рамуальд Зямкевіч, калі ў адным са сваіх твораў назваў У. Сыракомлю зоркай беларускага адраджэння. У такі ж высокі ранг ён узвёў беларускага і польскага пісьменніка і журналіста Вінцэся Каратынскага, беларускага гісторыка, этнографа і журналіста Адама Кіркора, які пісаў свае творы на рускай і польскай мовах, але пісаў так, што яны абуджалі ў беларускага народа гістарычную памяць, дапамагалі ўсвядоміць месца ў славянскай супольнасці.

У больш позні час у гісторыі беларускага прыгожага пісьменства пад моцным уплывам польскай культуры праходзіла літаратурная дзейнасць Янкі Лучыны (1851 – 1897). Да таго, як перайсці на родную мову, ён усе свае літаратурныя творы пісаў па-польску. Польская мова была рабочай на пачатку літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы.

Дабратвоны ўплыў на стан беларускай літаратурнай мовы і літаратуры зрабіла і руская літаратура, якая дзякуючы сваім выдатным творам вельмі рана здабыла сабе сусветнае прызнанне. Немалая заслуга ў гэтым А.С. Пушкіна, якога добра ведалі на Беларусі. Уздзеянне пушкінскага генія зведалі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч.

З літаратурным жыццём Украіны была звязана дзейнасць беларускай пісьменніцы Марыі Косіч (1850 – год смерці невядомы).

Такія добразычлівыя адносіны прагрэсіўных прадстаўнікоў польскай, рускай і ўкраінскай інтэлігенцыі ў значнай ступені дапамаглі пачынальнікам беларускай мастацкай літаратуры ўжо ў дарэвалюцыйны час стварыць шэраг выдатных твораў, нягледзячы на жорсткі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, устаноўлены расійскім царызмам. На сваёй роднай мове беларус атрымаў магчымасць чытаць аповесць “Гапон” В. Дуніна-Марцінкевіча, зборнікі “Дудка беларуская” Ф. Багушэвіча, “Жалейка” Я. Купалы, “Песні-жальбы” Я. Коласа, “Вянок” Я. Купалы, “Курганная кветка” К. Буйло. У прапагандзе найлепшых здабыткаў беларускай культуры, выхаванні майстроў мастацкага слова выключную ролю адыграла газета “Наша ніва”.

Такім чынам, беларускі народ, хоць і з вялікай цяжкасцю, запознена, але ўсё ж прабіваў шлях у Еўропу, дзе яму належала пачэснае месца ў перыяд сярэднявечча, калі ён меў сваю дзяржаву і досыць развітую для таго часу культуру.

Развіццё духоўнай культуры ўвогуле, развіццё шматстайнай паводле жанру літаратуры на роднай мове карэннага насельніцтва Паўночна-Заходняга края Расіі, наяўнасць даволі масавай газеты “Наша ніва” садзейнічалі таму, што не толькі яго адукаваныя, інтэлігентныя людзі, а і народ пачалі глядзець на сябе як на пэўную нацыю – беларусы. Гэта з’явілася сапраўднай вяхой на шляху развіцця самасвядомасці, што можа разглядацца як адзін з важных фактараў утварэння зусім адметнай ад іншых народаў беларускай нацыі. Яе прадстаўнікі ўжо не задавальняліся называць сябе толькі па месцы пражывання (палешукі, гародзенцы, віцябляне і інш.), а пачалі зусім акрэслена карыстацца тэрмінамі ліцвін і беларус. Апошні прыкладна ў сярэдзіне XIX стагоддзя як след не прасякнуў свядомасць жыхароў цэнтральнай губерні нашага края – Мінскай. Многія даследчыкі на той час карысталіся назвай русіны. Працэс доўгачасовага польскага, а потым і рускага ўціску беларусаў так глыбока разбурыў нацыянальныя культурна-моўныя традыцыі, што многім вельмі цяжка было вызначыць сваю сапраўдную этнічную прыналежнасць, даць назву роднай мове. Не будучы згоднымі далучыцца да палякаў, нашы продкі называлі сябе проста людзьмі тутэйшымі. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў назва беларус з вельмі вялікімі цяжкасцямі ўваходзіла ў афіцыйны ўжытак, бо ў ёй мелася шмат праціўнікаў, прычым нават і тады, калі на мове беларусаў сталі выходзіць кнігі, газеты і часопісы. Неахвотна карысталіся гэтым тэрмінам пры правядзенні Першага ўсерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года. Харкатэрна, што калі на ранняй стадыі апрацоўкі яго матэрыялаў пры групаванні насельніцтва па народнасцях пад агульнай графой “рускія” паасобку пазначаліся “вялікарусы” (рускія), “маларусы” (украінцы) і “беларусы”. Аднак пазней першых, другіх і тэціх называлі проста “рускімі”, што расцэньваецца як наўмысная русіфікацыя беларусаў і ўкраінцаў.

Антынацыянальная палітыка царскай Расіі ў дачыненні да карэннага насельніцтва Паўночна-Заходняга края толькі прытармазіла, запаволіла яго духоўнае развіццё, але не магла цалкам спыніць гэты працэс. На рубяжы XIX - XX стагоддзяў на Беларусі выразна акрэсліўся працэс нацыянальна-культурнага адраджэння. Галоўным у ім з’яўлялася змаганне прагрэсіўных прадстаўнікоў беларускага народа за права на развіццё нацыянальнай культуры і мовы. Адраджэнне гэтых духоўных каштоўнасцей адбывалася вельмі цяжка, бо з уступленнем Расійскай імперыі на шлях капіталістычнага развіцця яшчэ больш узмацніліся сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа, нападкі на яго культуру і мову.

У беларускага народа ў акрэслены перыяд абудзілася нацыянальная самасвядомасць, інтэлігенцыя ўзялася за аднаўленне ў памяці людзей гістарычных традыцый роднага края. Усё гэта павышала веру народа ў магчымасці сваёй мовы, спараджала моцнае жаданне быць самім сабой, што гарантавала яму не растварыцца, а выжыць як самабытнага этнасу ў шматнацыянальнай Расіі. Большасць людзей ніколі не пакідала думка, што лёс духоўнага развіцця беларусаў цалкам залежыць ад таго, якую пазіцыю будзе займаць сам народ, таму беларусы знайшлі ў сабе моц для ўпартага змагання з русіфікацыяй і пасля такой працяглай. цяжкай барацьбы з апалячваннем і акаталічваннем. Працоўны люд, пераважна яго найбольш шматлікая чатска - сялянства, збярог, нягледзячы на стагоддзі гвалтоўнай палітыкі, для будучых пакаленняў родную мову, багаты і арыгінальны фальклор, паказаўшы гэтым самым прыклад, як трэба ў экстрэмальных умовах захоўваць і памнажаць нацыянальныя духоўныя традыцыі як найважнгейшы атрыбут кожнага народа, без чаго немагчыма пакінуць свой адметны след у сусветнай цывілізацыі. Беларускі народ, як пісаў Янка Купала, “праз доўгія вякі нацыянальнай і сацыяльнай няволі пранёс, захаваў і давёў да слаўных вяршынь сваю нацыянальную культуру і свой нацыянальны твар і яшчэ мацней сфарміраваўся як народ.

Галоўным здабыткам нацыянальнага адраджэння трэба прызнаць тое, што ў неверагодна цяжкіх умовах жыцця беларускі народ змог выпакутаваць для сябе мастацкую літаратуру і перыядычны друк на роднай мове – пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гадоў было афіцыйна дазволена выдаваць на нацыянальнай мове газеты і часопісы. Дзякуючы гэтаму ўзнікла магчымасць мэтанакіравана ўздзейнічаць на мастацкае і культурнае фарміраванне народа, лепш і больш праўдзіва раскрыць ім сваё мінулае, абудзіць новыя пакаленні для творчай духоўнай дзейнасці. Сярод беларускіх празаікаў, паэтаў, драматургаў і публіцыстаў таго часу вялікую надзею падавалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, цётка, Ядвігін Ш., Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Карусь Каганец, Максім Гарэцкі, Мацей Крапіўка, Альберт Паўловіч, Алесь Гурло, Янка Журба. З 1906 года ў Пецярбургу пачынае функцыянаваць спецыяльна створанае для выпуску дзіцячай літаратуры (галоўным чынам падручнікаў) выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Пачыналі дзейнічаць прыватныя беларускія школы. Да кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года на беларускай мове сталі друкаваць кнігі выдавецтвы “Наша ніва”, “Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні”, “Палачанін”, “Мінчук” і інш. У перыядычным друку, акрамя газет “Наша доля” і “Наша ніва”, на беларускай мове выходзілі газеты “Беларус”, “Гоман”, “Вольная Беларусь”, “Грамада”, часопісы “Саха”, “Лучынка”, “Крапіва”, “Раніца”. Калі раней нацыянальную душу беларуса радавала роднае слова з вуснаў дарэвалюцыйных дзеячаў, са сцэн драматычных тэатраў, дык цяпер яно ўвайшло ў пісьмовы ўжытак, даволі пераканаўча засведчыўшы, што на ім могуць быць выкладзены творы самых розных жанраў літаратуры, публіцыстычныя і навуковыя працы. Аднак пакуль што з беларускай мовы не была знята афіцыйная забарона абслугоўваць розныя сферы дзяржаўнага і грамадска-палітычнага жыцця.