logo search
БЕЛ

7. Трасянка як лінгвістычная з'ява

У сітуацыі двухмоўя на тэрыторыі Беларусі ўзнікла і функцыянуе такая лінгвістычная з’ява, як трасянка, прамежкавая форма змешанага маўлення, своеасаблівы моўны гібрыд. Назва ўяўляе тэрміналагічную метафару, створаную ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Трасянка – гэта сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы, якая па якасці моцна саступала сену. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» і быў перанесены ў моўную сферу.

Што такое трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, які ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў. Гэта сродак камунікацыі гарадскога насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад літаратурнай мовы трасянку адрознівае поўная адсутнасць норм: беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўваецца строгім правілам і ўяўляе сабой механічнае змяшэнне розных моўных элементаў. Акрамя таго, трасянка характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Большасць лінгвістаў лічыць, што ў аснове трасянкі ляжыць руская лексіка і беларуская фанетыка, г.зн. рускія словы вымаўляюцца па законах беларускага маўлення. Параўн.: трас. гавару – рус. говорю – бел. кажу; трас. – заработаў – рус. заработал – бел. зарабіў. Сітуацыя двухмоўя патрабуе пэўных намаганняў пры засваенні норм рускай і беларускай літаратурнай моў. Значна лягчэй з пункту гледжання неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасаблівы моўны «гібрыд». Часцей за ўсё трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем, павышэннем грамадскага статуса і інш. З’яўленне трасянкі абумоўліваецца некаторымі прычынамі. Яна ўзнікае найперш з неабходнасці падтрымання камунікацыі ва ўмовах абмежаваных кантактаў паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і рускамоўным адміністрацыйным чыноўніцтвам, што мае больш высокі грамадскі статус, з другога. Небывалая міграцыя вяскоўцаў у горад таксама пашырае сферу выкарыстання трасянкі, паколькі яна ўжо стала ўспрымацца як неабходны элемент гарадской моўнай сітуацыі.

Аднак ва ўспрыманні саміх носьбітаў трасянка ацэньваецца як «некультурная мова», бо напамінае пра іх вясковае паходжанне. У працэсе маўлення індывіда цяжка прадказаць, якія рысы беларускай і рускай моў будуць змешвацца, аднак найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці. Як з'ява выключна індывідуальная трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы так званым прамым метадам, гэта значыць у працэсе моўных зносін з носьбітамі, а не ў працэсе паступовага навучання. Дрэннаму валоданню другаснай моўнай сістэмай спадарожнічае пагарда і нянавісць да роднай мовы, яе лічаць асноўнай прычынай такога стану. У выніку разбураецца і валоданне першаснай сістэмай, таму становіцца складаным і маўленне па-беларуску. Такім чынам, трасянка – гэта паўмова, яна ненарматыўная, узнікае і функцыянуе стыхійна, рэалізуецца выключна ў вусным маўленні, пераважае ў гарадскіх сітуацыях камунікацыі.

Трасянка з’яўляецца на сучасным этапе дамінуючым маўленнем на Беларусі (на ёй размаўляе аля 70% насельніцтва). Чыстая беларуская літаратурная мова існуе, але яе можна часцей пачуць па радыё, тэлебачанні, у тэатры, а не ў паўсядзённым ужытку. Гэта, найперш звязана з адсутнасцю старых носьбітаў беларускай літаратурнай мовы. Уменне размаўляць на беларускай літаратурнай мове ў большасці яе носьбітаў выпрацоўваецца не ў працэсе індывідуальных кантактаў (дома, на вуліцы, на працы), а шляхам спецыяльнага навучання.